Вольная птушка

Раздзел пяты

* * *

Самалёт прызямліўся ў аэрапорце Амстэрдама. Разам з астатнімі пасажырамі, трохі кульгаючы на правую нагу, з яго выйшаў Антось. Ён трымаў невялічкую клетку са сваім апошнім сябрам, папугаем Зянонам.

У яго не было аніякага багажу, акрамя заплечніка, у якім было ўсё, што ён назапасіў за апошнія пяць гадоў – усё, што засталося ў яго жыцці. 

Антось павольна ішоў па аэрапорце ў бок выхаду ў горад. Ён мінуў залу атрымання багажу і выйшаў у галоўны хол. Мітусня прыляцеўшых і ад’язджаючых не цікавіла яго, ён спакойна агледзеўся і пайшоў у напрамку выхаду – туды, дзе можна было знайсці таксі.

Антось сеў у першую ж машыну, дастаў з кішэні партманэ і выцягнуў з яго тую самую паперку з адрасам. 

Таксіст увёў яго ў навігатар. Прыкладна паўтары гадзіны і Антось будзе там, дзе жыве Ганна, тая самая дзяўчына, што выратавала яму жыццё і змяніла яго назаўсёды. Ён не ведаў, чаго чакаць ад сустрэчы, ён проста хацеў ёй падзякаваць. Антось хацеў, каб яна ведала, што ён жывы. 

Таксі імчала наперад па галандскім аўтабане. Акуратна апрацаваныя прыгожыя палі, роўныя дарогі, касмічныя па інжынернай задумцы развязкі на ўсе магчымыя напрамкі Еўропы. Такой магла б быць і Беларусь, – думаў Антось, гледзячы ў акенца, – але ўсё ж: кожны мае сваё».

Машына спынілася. Таксіст сказаў, што ў цэнтр ён не зможа заехаць і, што да пазначанага на паперцы месца, ісці адсюль дзесьці сто метраў. Антось падзякаваў яму за добрую і камфортную дарогу, заплаціў і выйшаў з машыны. 

Тое, што ён убачыў, нельга нават сказаць, што ўразіла яго. Гэта было проста нечакана. Ён і думаць не мог, што калі-небудзь апынецца ў такім месцы, але адразу ж зразумеў, чаму Ганна выбрала менавіта гэты горад. Гэта быў Брыле.

Паўсюль луналі бел-чырвона-белыя сцягі. «Галандская свабода з прысмакам беларускай волі», – такім Антось убачыў гэты горад. Тут хацелася б застацца і жыць. Ён павярнуўся ў напрамку, які паказаў таксіст і павольна пайшоў, аглядаючы цудоўныя казачныя цагляныя дамкі.

Антось, трохі кульгаючы, с заплечнікам на спіне і папугаем у руцэ, ішоў паміж дамоў і лунаючых сцягоў свабоды на сустрэчу з той, якая яму гэтую свабоду і падаравала. 

Антось падышоў да дзвярэй дома, адрас якога быў напісаны на паперы, і пазваніў. Ніхто не адкрыў. Ён пазваніў яшчэ раз, але, на жаль, дома нікога не было. Гадзіннік на ратушы прабіў чатыры разы. «Ганна, можа быць, яшчэ на працы, – пачакаю яе дзе-небудзь за кубачкам кавы», – падумаў Антось, заўважыўшы амаль што насупраць невялічкую кавярню.

Антось замовіў каву і сэндвіч, дастаў з заплечніка кнігу, якую набыў яшчэ у менскай кнігарні і пачаў чытаць, час ад часу, паглядаючы на дзверы дома, дзе жыла Ганна.

Да самай ночы ніхто не прыйшоў. Антось апошнім сыходзіў з кавярні. Ён зноўку падышоў да ўжо знаёмага дома і пазваніў яшчэ некалькі разоў, але дзверы так і засталіся зачыненымі. 

Увесь наступны тыдзень Антось хадзіў у тую кавярню, піў каву, чытаў і ўсё чакаў і чакаў, што Ганна прыйдзе і адчыніць дзверы. Ён уяўляў, як выбежыць і закрычыць, што ён, нарэшце, знайшоў яе, як яна ўзрадуецца і яны абдымуцца. 

Але Ганна так і не прыйшла, дзверы так і засталіся зачыненымі.

* * *

Антось напісаў ліст на ангельскай і на беларускай мовах. Ён напісаў, што прыехаў з Беларусі, што шукае Ганну, што гэта важна для яго, і што ён будзе чакаць яе кожную суботу і нядзелю ў скверы каля пятага бастыёну. Потым закінуў напісаныя лісты ў разрэз для пошты, які быў зроблены ў дзвярах.

Антось верыў, што яны абавязкова сустрэнуцца. Сёння як раз была субота і Антось пайшоў да таго самага бастыёна нумар пяць з надзеяй на лепшае. 

Стаяла добрае надвор'е, не гледзячы, што ўжо была сярэдзіна лістапада. Антось падняўся на абаронны насып і сеў на свой заплечнік, гледзячы на прыгажосць горада свабоды. Раптам над яго галавой пранеслася некалькі зялёных птушак. «Папугаі?» – здзівіўся ён. Прыгледзеўшыся, ён упэўніўся, што гэта былі яны, прычым вельмі падобныя на яго сябра.

– Глядзі, Зянон, тут твае родзічы, – сказаў Антось і дадаў, – можа, гэта як раз тое самае месца, дзе і ты выйдзеш на волю, каб не сядзець усё жыццё за кратамі?

Ён сказаў гэта і адчыніў дзверцы клеткі. 

Зянон сядзеў, не разумеючы, што рабіць. Ён усё жыццё правёў у клетцы, увесь яго свет і ўся свабода была памерам паўметра на паўметра і паўметра ў вышыню. Але зараз ён не спужаўся, выйшаў з клеткі і вылецеў на волю.

– Нават папугай не спужаўся і выбраў свабоду. Чаму ж не ўсе людзі такія разумныя? Жывуць у сваіх кватэрках, і не бачаць нічога далей свайго двара, ды яшчэ і іншых прымушаюць жыць, як яны, і, самае галоўнае, – каб не лепш за іх, – услых прамовіў Антось.

Раптам нехта дакрануўся да яго пляча.

– Ты мяне шукаў? – ён адразу пазнаў пяшчотны знаёмы голас, які не чуў ужо доўгія пяць гадоў.

– Ганна? – павярнуўся Антось, згубіўшы магчымасць гаварыць.

– Антон? – ад немагчымасці сказаць нешта болей, прашаптала Ганна.

Яны глядзелі адзін на аднаго, на тое, як іх змяніў час – ён не пашкадаваў абодвух: з’явіліся новыя шнары, новыя маршчыны, у позірках чытаўся перажыты боль. Жыццё змяніла іх абодвух. 




Поскаржитись




Використання файлів Cookie
З метою забезпечення кращого досвіду користувача, ми збираємо та використовуємо файли cookie. Продовжуючи переглядати наш сайт, ви погоджуєтеся на збір і використання файлів cookie.
Детальніше