* * *
Антось паляцеў у Менск праз Стамбул. У памежнікаў не было пытанняў і не было праблем. Аэрапорт Мінск-2 сустрэў яго, як і ў часы, калі ён яшчэ да дваццатага года вяртаўся з адпачынку з Турцыі. Антось бачыў усё тыя ж захаваныя эмоцыі на тварах памежнікаў, адчуваў усё ты я ж падазроныя позіркі супрацоўнікаў аэрапорта, якія глядзелі на замежніка.
Антось выйшаў у залу чакання, знайшоў таксіста і разам з ім пайшоў у бок машыны, прыпаркаванай на вуліцы.
– Гатэль «Мінск», калі ласка, але не адразу, спачатку пакатайце паўгадзіны па горадзе, хачу падзівіцца трохі, – папрасіў Антось.
– Зробім, чаму не, лічыльнік уключым і паедзем катацца, – адказаў таксіст.
Усход, праспект Незалежнасці, плошча Перамогі, парк Горкага, цырк, Купалаўскі тэатр, вуліца Леніна, гарадская ратуша, палац спорту, стэла «Мінск горад-герой», гасцініца «Беларусь», оперны тэатр, Няміга, вуліца Рэспубліканская, зноў праспект Незалежнасці, Паштамт, плошча Незалежнасці, гатэль «Мінск»… Антось плакаў, гледзячы на знаёмыя мясціны. Пяць доўгіх гадоў не было ў яго магчымасці ўбачыць іх самому.
Антось закінуў валізку ў нумар гатэля і таропка пайшоў у бок свайго дома на сустрэчу з маці.
Родная вуліца, родны дом, родныя лаўкі перад пад’ездам, усё той жа код дамафона, той самы ліфт, каля якога яны бачыліся ў апошні раз. Антось ужо пачаў плакаць, калі націснуў на кнопку свайго паверха. Ліфт павольна зачыніўся і павёз яго наверх. Гэтыя трыццаць ці сорак секунд паказаліся яму вечнасцю. Нарэшце, дзверы адчыніліся. Антось выйшаў, павярнуў налева і націснуў на званок, потым яшчэ раз і яшчэ. Ніхто не адчыняў. Тады ён пазваніў суседзям. Падняўся ціск, пульсавала ў скронях і звінела ў вушах, калі ён пачуў, што дзверы адчыняюцца.
– Хто там? – пачуў ён знаёмы голас суседкі.
– Таццяна Міхайлаўна, гэта Антось, адчыніце, калі ласка, я маму шукаю, – сказаў ён, не стрымліваючы слёзы.
Дзверы адчыніліся. Антось убачыў перад сабой састарэлую суседку ўжо з зусім сівымі валасамі. Не дзіўна – мінула пяць гадоў.
– Антосік? Даражэнькі, як жа ж гэта? Адкуль ты? – са здзіўленнем запыталася яна і кінулася абдымаць хлопца. – Заходзь, гарбаты пап'ём і я табе ўсё распавяду. Хутка і сын мой прыйдзе з працы, ён таксама рады будзе цябе ўбачыць.
Антось зайшоў. За гарбатай Таццяна Міхайлаўна распавяла пра ўсё, чаго ён не ведаў – пра тое, што яму не казала маці ў час іх размоў:
– … Дык вось гэтыя, у чорным, прыходзілі да яе, як па гадзінніку, кожны месяц з ператрусамі, усё шукалі цябе ці нейкую інфармацыю пра цябе. А ў кастрычніку дваццаць трэцяга, прывялі нейкую паскуду з гарвыканкама, якая паказала паперы, што ў маці тваёй канфіскуюць кватэру. І далі ёй тыдзень, каб сабраць усе пажыткі і выехаць. – Сказала Таццяна Міхайлаўна, глынула гарбаты і працягнула. – Тады яна да нас на пару тыдняў пераехала, пакуль шукала, куды ёй падацца. На жаль, з табой сувязі не было, таму яна вырашыла паехаць у сваю родную вёску да сваякоў. У мяне, нават, адрас застаўся. Зараз пашукаю.
Антось нерухома сядзеў не ў стане вымавіць ні воднага слова. Слёзы цяклі па шчаках. «Як жа так? За што? Якое права мелі гэтыя пачвары такое зрабіць з хворай жанчынай? Як яны могуць людзьмі звацца?» – думаў ён.
Таццяна Міхайлаўна прынесла паперку з адрасам, а разам з ёй і планшэт, які Антось калісьці перадаў сваёй маці.
– Антосік, пачакай трошкі, зараз мой сын Сярожа прыйдзе, ён цябе завязе туды, – сказала яна. – А ты пакуль адпачні.
Антось сеў на канапу і выцягнуў правую нагу, толькі тады Таццяна Міхайлаўна заўважыла зіяючы пратэз.
– Як жа ж так? Хто гэта цябе? – залямантавала яна.
– Жыццё, Таццяна Міхайлаўна, жыццё.
Сын прыйшоў нават хутчэй, чым казала яго маці. Яны разам перакусілі і паехалі ў вёску, куды амаль што паўтары гады назад Сяргей завозіў Раісу Сямёнаўну.
* * *
Машына спынілася насупраць старой драўлянай хаты. Антось выйшаў і агледзеўся – ён добра памятаў гэта месца яшчэ з дзяцінства. Сюды часам ён наведваўся разам з бацькамі, але зараз было ўсё інакш, толькі пах восеньскай вёскі быў той жа самы.
– Сяргей, дзякуй табе вялікі, не чакай мяне – я тут застануся. Прывітанне і вялікая падзяка тваёй маме, – сказаў Антось і зачыніў дзверы.
Машына паехала, пасігналіўшы на развітанне.
Антось пайшоў у бок хаты. Брамка ў драўляным плоце была адчынена, таму ён адразу зайшоў у двор.
– Ці ёсць хто дома? – крыкнуў Антось.
Адказу не было, таму ён пайшоў далей, у бок дзвярэй, у хату.
– Ці ёсць хто дома? – крыкнуў ён яшчэ раз, перад тым, як пастукаць.
Адказу зноў не было, таму ён стукнуў у дзверы, потым яшчэ раз.
– Іду, іду, – раздаўся мужчынскі голас з хаты.
Дзверы адчыніліся і перад Антосем паказаўся дзядзька, якога ён добра памятаў яшчэ з маленства.
– Дзядзька Ёся? Ці вы гэта? – запытаў Антось, не чакаючы яго ўбачыць, – гэта Антось, сын Раісы Сямёнаўны, вашай сястры.
– Антось? Ты? Жывы? – Іосіф Сямёнавіч вельмі ўзрадаваўся – дай я на цябе пагляджу.
Відредаговано: 23.06.2026