Вольная птушка

Раздзел трэці

* * *

Лятак прызямліўся ў аэрапорце Бэн Гурыён. Антось не ведаў чаго чакаць ад новага пачатку свайго жыцця, ведаў ён толькі адно, што трэба знайсці бяспечнае месца і паспрабаваць выцягнуць маці, якая, не да канца разумеючы небяспечнасць сітуацыі, з’яўляецца закладнікам гэтага людажэрскага рэжыму. Антось, падняўшыся са свайго месца і закінуўшы за спіну заплечнік, разам з усімі пасажырамі пайшоў да выхаду. 

– Thank you very much. Have a good day. – Сказаў ён бортправадніцам і пайшоў у бок сонца, якое бязлітасна смажыла ўсё звонку самалёта.

Гарачае ізраільскае паветра ўдарыла яму ў твар. Гэта табе не майскі Харкаў ці Кіеў, ці жнівеньскі Менск. Гэта нешта асаблівае, са сваім пахам свабоды. Габрэі змагаліся за атрыманне сваёй дзяржавы доўгія гады, і вось атрымалі кавалак пустыні, якую перарабілі ў багацейшую краіну. Кожны габрэй, ступаючы на гэтую святую зямлю ведаў, чаго ім каштавала будоўля свайго новага дома. 

У Антося не было амаль што ніякага плана. Ён меў турыстычную візу ды бронь гатэля, а далей – як атрымаецца. Праблем на пашпартным кантролі не было. Памежнік уважліва паглядзеў на ягоныя дакументы, потым на яго самога, потым запытаў пра мэты наведвання Ізраіля. Антось адказаў, што яго маці габрэйка і што ён прыехаў паглядзець на святыя мясціны і даслаць ёй фотаздымкі. Памежніка гэта не здзівіла, бо турызм – гэта турызм, бо так і зарабляюцца грошы ў краіне.

* * *

Наступныя некалькі тыдняў Антось правёў у розных установах, спрабуючы падаць дакументы на атрыманне віда на жыхарства. Бюракратычны апарат ва ўсіх краінах – гэта бюракратычны апарат. Яго адпраўлялі з адной установы ў другую, патрабавалі розныя паперы, пераклады, апастылі. Пашанцавала, што шмат з усяго гэтага Антось зрабіў яшчэ ва Украіне. Гэта сэканоміла яму час і грошы. Нарэшце, праз месяц бясконцых змаганняў усе дакументы былі прынятыя, і можна было спакойна выдыхнуць. Жыццё перайшло ў фазу чакання адказу.

Праз некалькі месяцаў Антось, нарэшце, атрымаў від на жыхарства, што дало яму магчымасць уладкавацца на працу з большым заробкам, бо таго, што ён атрымліваў са сваёй дыстанцыйнай працы, хапала толькі на арэнду жылля і ежу, ды і тое прыходзілася эканоміць. Адзіны недахоп новай працы быў у тым, што Антосю прыйшлося пераехаць у невялічкі кібуц у заходняй частцы Ізраіля. Але гэта не вельмі засмучала яго, бо змена абстаноўкі адцягвала яго ад сумных думак. 

 Антось пераехаў на новае месца і першыя некалькі месяцаў быў пад неверагодным уражаннем ад таго, як тут спакойна. Новая праца таксама была часткова дыстанцыйная, але ўсё роўна трэба было абавязкова ездзіць у офіс раз ці два на тыдзень. Вельмі пашанцавала, што па суседстве, у доме насупраць, жыў яго калега Іліш. Уявіце сабе: такі прыгожы велікан, амаль што два метры ростам, чорныя кучаравыя валасы, заўсёды на пазітыве і чымсьці па манерах паводзінаў нагадваў Антосю Грыгу. Антось зваў Іліша Іллёй, што вельмі падабалася новаму сябру. 

Сям’я Іліша невялікая – жонка Міра і дзесяцігадовая дачка Таль. Усе яны вельмі шчырыя і добрыя людзі. Антось быў вельмі ўдзячны за тое, што яны прынялі яго і дапамагалі ва ўсіх справах. У сваю чаргу, Антось таксама дапамагаў ім – то з гаспадаркай, то проста бавіў час разам, маючы шмат цікавых гісторый пра сваё мінулае і увогуле пра лад жыцця ў Беларусі і ва Украіне. 

Безумоўна, паміж імі быў невялічкі моўны бар’ер, але ў большасці ангельскай мовы хапала, нават маленькая Таль пачала трошкі разумець, што распавядаў Антось. Да і ён сам крок за крокам пачаў вывучаць іўрыт. 

* * *

Ішлі дні, тыдні, месяцы. Надышоў дзве тысячы дваццаць трэці. На радзіме ўсё было без змен: палітвязні працягвалі сядзець у турмах, некаторых, хто ўжо сваё адсядзеў, зноў саджалі за краты, знаходзячы іншыя падставы. У краіне было не да законаў. Радавала толькі адно, што з Беларусі больш не ляцелі ракеты і не заходзілі танкі ва Украіну. Але ж вайна ўсё яшчэ ішла, і ні канца, ні краю ёй не было бачна. Грыга пісаў рэдка, але кожнае яго паведамленне было святам для Антося – жывы – і гэта галоўнае. 

Летам ад Грыгі не было нічога чуваць ажно два месяцы, але потым ён напісаў, казаў што былі на нейкім сакрэтным заданні. Выбачаўся, што знік. Антось усё разумеў, таму проста падтрымліваў сябра словам, жартам ці добрым данатам. 

Што да спраў Антосевых, то ён ужо даўно адправіў свае дакументы на афармленне грамадзянства. Адказ павінен быў прыйсці да канца года, таму Антось ужо пачынаў планаваць сваю паездку ва Украіну, каб пабачыць Грыгу з Лесей. А там глядзіш – і як-небудзь атрымаецца і з маці ўбачыцца. Прайшло ўжо тры гады. У Антося цеплілася надзея, што можа ёй хоць на гэты раз пашчасціць выехаць з краіны ў Польшчу ці Літву. Але тое, што адбылося ў кастрычніку, змяніла ўсё.

* * *

Ноч. Сон, у якім маці нешта турбуецца: бегае па пакоі і бясконца галосіць нешта невыразнае. Раптам Антось зразумеў, што яна гаворыць на ідышы. За акном чуецца нейкі гул, роў матораў, крыкі. Гук набліжаецца і нарастае і становіцца ўсё мацней.

– Мама, што гэта? – услых запытаў Антось. 

Раіса Сямёнаўна, як быццам не пачула, усё працягвала мітусіцца і бегаць па пакоі.

– Мама! Мама! – перайшоў на крык Антось. – Мама!

Ён падскочыў з ложка і адразу ўсвядоміў, што гэта быў сон. Але калі гэта быў сон, чаму шум нікуды не знік, гэтага Антось не мог ніяк зразумець. Думкі бегалі і мітусіліся ў яго галаве, як яго маці ў сне. Толькі праз некалькі хвілін Антось прыйшоў у сябе. Усё адразу ўстала на свае месцы: ён спіць дома, маці была ў сне, гук на вуліцы.




Поскаржитись




Використання файлів Cookie
З метою забезпечення кращого досвіду користувача, ми збираємо та використовуємо файли cookie. Продовжуючи переглядати наш сайт, ви погоджуєтеся на збір і використання файлів cookie.
Детальніше