* * *
Антось і Грыга былі найлепшымі сябрамі ва ўніверсітэце. Разам тусілі, разам займаліся спортам, нават разам жылі тыя некалькі тыдняў, калі маці Антося была ў санаторыі. Шмат хто са знаёмых лічыў іх братамі, і гэта вельмі весяліла хлопцаў, бо яны былі зусім розныя. Грыга быў светлавалосы, ды яшчэ і на галаву вышэйшы за сябра. Антось у свае найлепшыя гады дацягнуў ростам прыкладна на метр семдзесят пяць, за тое ў яго былі цёмныя, трохі кучаравыя валасы. Аднолькавы колер ў хлопцаў мелі толькі вочы блакітныя, як нябёсы. Можа, менавіта з-за іх хлопцаў і лічылі братамі.
Грыга быў напалову беларус, напалову – украінец, таму пасля ўніверу паехаў да сваёй маці ў Харкаў, дзе і застаўся. Ён заўсёды пытаўся, калі ж Антось ужо прыедзе да яго патусіць. Вось менавіта зараз і надышоў той момант.
* * *
Самалёт прызямліўся ў кіеўскім аэрапорце. Антось нацягнуў сваю кепку глыбей на вочы і пайшоў у напрамку выхаду.
Усё прайшло хутка, як у сне: аэрапорт, пашпартны кантроль, выхад, таксі, цэнтр горада, Майдан Незалежнасці.
Антось стаяў і глядзеў на шпіль майдана, уяўляючы нашую менскую стэлу. У галаве прабеглі ўспаміны пра той самы вечар, пра тую самую бойку з міліцыянтамі, выбухі, кроў.
Дрыжыкі пабеглі па яго спіне, калі побач з ім праімчаўся паліцэйскі аўтамабіль. Антось напачатку спужаўся, але ўжо праз секунду зразумеў, што знаходзіцца не ў Беларусі, а ў вольнай краіне, дзе не трэба баяцца.
«Тут усё не так, тут можна проста стаяць, і табе нічога не будзе,» – падумаў Антось і пайшоў з майдана ў бок крамы мабільнай сувязі.
Моўнага бар’ера не было. Антось ведаў, што нашую родную беларускую мову добра зразумеюць ва Украіне, ды і ён сам лёгка разумеў украінскую. Яшчэ ў студэнцкія гады, яны з Грыгай шмат разоў размаўлялі кожны на сваёй мове, і ніколі не было такога, каб яны не разумелі адзін аднаго. Што казаць – братэрскія мовы.
– Доброго дня! Чим можу допомогти? – запытала ветлівая дзяўчына ў краме.
– Вітаю, я бы хацеў набыць сімку для сувязі, – адказаў Антось.
Дзяўчына крыху ўсміхнулася з акцэнту Антося, але ўсё зразумеўшы, адказала:
– Звісно. Сто сімдесят п'ять гривень найпростіший таріф 15 гігабайта інтернету, двісті хвилин розмов, ось почитайте, – адказала яна і працягнула каляровую паперку з апісаннем тарыфаў.
– А ці змагу я ў Беларусь званіць з гэтай карткай? – запытаў Антось.
– Звичайно зможете, але тільки можна дзвонити через вінтернет і це буде вигідніше, – нагадала яна.
– Дзякуй. Сапраўды, так будзе лепей, – пагадзіўся Антось і працягнуў свой пашпарт для рэгістрацыі.
Антось набыў сімку, выйшаў з крамы і, стоячы яшчэ на прыступках, уставіў новую картку. Ён набраў ПІН-код і хутка ўвайшоў у тэлеграм, выбраў кантакт свайго аднакласніка, які ўсё яшчэ жыў побач з яго менскай хатай, і націснуў на выклік.
– Дзімка, здароў. Як ты там? – з радасцю ад таго, што зараз пачуе знаёмы голас, сказаў Антось.
– Антось? Здароў. Ты дзе? Тут цябе ўжо шукаюць, да мяне прыходзілі з міліцыі, пыталіся наконт цябе, – адказаў Дзіма, сябар Антося.
– Вось як? Прабач. Не ведаў, што я такі важны. Хацеў цябе папрасіць аб невялічкай дапамозе. Нічога незаконнага. Можаш маці маёй планшэт які-небудзь набыць, бо я сам не магу зрабіць гэта зараз? – сказаў Антось.
– Безумоўна, без праблем, сёння і заеду да яе. Хочаш, каб я што-небудзь усталяваў на ім ці проста аддаць як ёсць? – удакладніў Дзіма.
– Нічога, акрамя «телеги» і майго акаўнта, не ўсталёўвай. І дзякуй вялікі, сябар. Я табе пасля ўсё распавяду: што было і дзе я зараз. Мне ўжо трэба бегчы далей на аўтобус. Абдымі за мяне маю маці, скажы, што я вельмі яе люблю і сумую, – сказаў Антось, ледзь не плачучы.
– Канечне, Антось, навошта патрэбны сябры, калі не на такія моманты, – адказаў Дзіма без лішніх пытанняў.
– Бывай, абдымаю і цісну руку. Лячу ўжо на аўтобус, – сказаў Антось і паклаў трубку.
Вядома, ён не пабег адразу ні на які аўтобус, бо нават не ведаў, куды ісці і як лепш даехаць да Грыгі. Нават адраса ў яго не было, але быў нумар тэлефона і тэлеграм акаўнт. Таму, маючы ўкраінскую сімку, Антось проста націснуў на выклік насупраць імя свайго сябра Грыгі ў тэлеграме.
– Антось, даражэнькі? Чуў, што ў вас там проста пекла. Як ты? Дзе ты? – без прывітанняў пачуў Грыгу з другога боку «телеги».
– Грыга, братка, я ва Украіне. Патрэбна дапамога, – з надзеяй у голасе сказаў Антось.
– Антось, мая хата – твая хата. Я ў Харкаве, зможаш даехаць ці дзесьці цябе падабраць? Вельмі рады буду цябе пабачыць, – без пытанняў і сумневаў адказаў Грыга.
– Я зараз у Кіеве. Да цябе сам даеду. Скідай адрас, праз дзень буду ў цябе. Тады ўсё і распавяду. Абдымаю, братка, – адказаў Антось.
– Спадзяюся на хуткую сустрэчу. Закаламуцім мы тут. Буду рыхтавацца. Я як раз кватэру сабе набыў не так даўно. Эх, мы тут запалім разам! – з надзеяй і ўпэўненасцю ў голасе сказаў Грыга. Ён быў вельмі рады пачуць старога сябра, ды яшчэ даведацца, што ён да яго, нарэшце, прыедзе.
– Дзякуй, хутка будзем разам. Я табе патэлефаную, як да Харкава дабяруся. Да сустрэчы, – адказаў Антось, развітаўшыся.
Відредаговано: 23.06.2026