Вольная птушка

Раздзел першы

«Я прысвячаю гэтую кнігу сваім бацькам, якіх, на жаль, не магу наведаць сам. І свайму брату, якога прымусілі пакінуць нашу радзіму з-за палітычных пераследаў.»

Алесь Бігуд

2024

* * *

– Жыве Беларусь! Жыве Беларусь! – гучна, на ўвесь пакой закрычаў папугай. 

– Замоўкні, – выціснуў з сабе Антось і нацягнуў коўдру на твар.

– Жыве, жыве Беларусь! – зноў пракрычаў папугай. 

– Яшчэ дзесяць гадзін толькі, дай паспаць хоць сёння, – адным вокам глянуўшы на гадзіннік, упрошваў птушку Антось.

Дзверы адчыніліся, і ў пакой увайшла маці: 

– Чую, ты ўжо не спіш, – не вельмі далікатна сказала яна, адкрыла штору і адчыніла акенца. 

Свежае паветра і гоман з вуліцы ўляцелі ў пакой. Да прыпынку пад'ехаў тралейбус – ні з чым нельга было пераблытаць гук электрычнага рухавіка, які спыняецца. Нехта выкідваў бутэлькі ў сметніцу. Звон шкла канчаткова выцягнуў Антося з царства Марфея.

– Дзякуй, мама, – з сарказмам у голасе сказаў ён, – Нават у нядзелю паспаць нармальна нельга.

Антось сеў на ложак і стаў шукаць свае хатнія штаны. 

– Мама, а выбары ж сёння? – запытаў ён, усё яшчэ не разумеючы, які сёння дзень. 

– Так, – адказала маці, – дзявятае жніўня, сынок.

Антось падняўся з ложка, падышоў да папугая, даў яму трошкі ежы і сказаў:

– Будзеш гучна крычаць – пасадзяць у турму. 

Потым паглядзеў на яго і дадаў:

– Хоць ты і так усё жыццё за кратамі сядзіш, мо нават і не ведаеш, навошта табе гэтая воля. 

– Антось, хадзі есці – сняданак і кава ўжо чакаюць цябе на кухні, – сказала маці і па старой звычцы стала прыбіраць паперы і кнігі на стале ў Антося.

– Мама, я ж цябе ўжо не раз прасіў не чапаць нічога на маім стале. Я потым не магу знайсці тое, што патрэбна, – неяк безнадзейна сказаў Антось, а потым падышоў і абняў яе. – Дзякуй і добрай раніцы! – усміхнуўся сын. – Хадзем каву піць.

Бутэрброды з доктарскай каўбасой і пашэхонскім сырам, яйка ўкрутую ды кава. Што яшчэ трэба раніцай? Хоць якая там раніца а палове адзінаццатай! 

– Мама, давай разам пойдзем на выбары пасля сняданку, – з поўным ротам ежы прапанаваў Антось. 

– Ды чаго на іх хадзіць? Вядома і так, што будзе: зноў гэты вусаты ўсіх перехітрыць, а гэтая, з каструляй баршчу, яму любыя лічбы намалюе, – з безнадзейнай іроніяй, але так па-беларуску міла сказала маці.

– Не, мама, на гэты раз – усё інакш. Паглядзі навокал – усё супраць яго. Не змогуць яны намаляваць любыя лічбы, калі ўбачаць колькі людзей супраць яго! Спужаюцца. – Упэўнена сказаў Антось.

– Добра, добра – пойдзем, – маці не магла пярэчыць адзінаму сыну, якога любіла больш за ўсё на свеце. 

– Супер, мама, – хутка праглынуўшы апошні бутэрброд і залпам дапіўшы рэшткі кавы, сказаў Антось, пацалаваў маці ў шчаку і пабег апранацца.

– Мама, а дзе нашыя пашпарты? Вазьмі, калі ласка, іх! – крыкнуў Антось са свайго пакоя.

– Вазьму, вазьму, не хвалюйся! – гучна адказала яна, дамываючы посуд.

* * *

А першай гадзіне яны выйшлі з пад'езда і пайшлі да будынка школы, дзе быў выбарчы ўчастак. Абодвух здзівіла колькасць людзей, якія рушыўшылі ў той жа бок. Здавалася, што гэта якісьці флэшмоб. «Адкуль яны ўсе ідуць?» – думаў пра сябе Антось. 

Школа была за кутком суседняга дома, дзесьці ў метрах трохстах ад яго, але Антось і маці спыніліся, яшчэ нават не даходзячы да гэтага будынка, бо чарга да выбарчага участка заканчвалася менавіта тут. «Столькі людзей ніколі не прымала ўдзел у выбарах, нават у часы СССР, калі народ сілком гналі на ўчасткі,» – падумала маці Антося.

Яны стаялі доўга, чарга павольна рушыла наперад. Яны бачылі сваіх суседзяў, знаёмых, аднакласнікаў. Антось нават убачыў сваю настаўніцу беларускай мовы Алену Мікалаеўну. Яны паглядзелі адзін на аднаго і адначасова кіўнулі галовамі, так што адразу стала зразумела, што яны на адным баку.

За размовамі час ляцеў хутка. Антось з маці павольна падыходзілі ўсё бліжэй і бліжэй да пачатку чаргі. Да ўчастка заставалася прыблізна некалькі дзесяткаў крокаў, калі нейкі пузаты мужык выйшаў і пачаў зачыняць дзверы, а потым гучна крыкнуў, што выбары завершаны, і ўчастак закрываецца. Народ пачаў выказваць незадаволенасць: людзі крычалі і стукалі ў дзверы. Мужык, які паспеў забегчы ў будынак і, як яму здавалася, быў ў небяспецы, смела крыкнуў з-за дзвярэй, што зараз пачнецца падлік галасоў і праз гадзіну ці дзве вывесяць канчатковыя вынікі галасавання. 

Вы толькі ўявіце, колькі людзей не паспела прыняць удзел у выбарах толькі на гэтым участку! А такіх толькі па Менску былі сотні. Уявіце, колькі галасоў скрала сістэма.

Людзі не разыходзіліся, і нават пачалі падыходзіць тыя, што ўжо прагаласавалі, каб пабачыць вынікі. Усе разумелі, што менавіта на гэтым участку павінна перамагчы Святлана, бо з тых, хто стаяў у чарзе, ніхто не збіраўся галасаваць за дзеючага прэзідэнта. 

Прайшла гадзіна – вынікаў не было. Раптам да будынка школы пад'ехаў аўтобус з АМАПам, але з яго адразу ніхто не выходзіў. Праз некалькі хвілін дзверы аўтобуса адчыніліся, амапаўцы выбеглі і пачалі праціскацца праз натоўп да дзвярэй школы. Яны сталі паміж будынкам і людзьмі і ўсім сваім грозным выглядам паказвалі рашучасць абараняць выбарчы ўчастак. А яшчэ праз некаторы час той самы пузаты мужык вывесіў вынікі галасавання, нават не адчыніўшы дзвярэй школы. 




Поскаржитись




Використання файлів Cookie
З метою забезпечення кращого досвіду користувача, ми збираємо та використовуємо файли cookie. Продовжуючи переглядати наш сайт, ви погоджуєтеся на збір і використання файлів cookie.
Детальніше