Улад і Кірыл, жылі на адным паверсе і сябравалі з самага дзяцінства. Хлопцы слухалі аднолькавую музыку, тусаваліся разам ля сценкі Цоя, нават на першае каханне ў іх была адна і тая ж дзяўчына. Таму не дзіўна, што яны і працу знайшлі там, дзе маглі быць увесь дзень разам – гукарэжысёрамі ў Палацы Маладосці. Шмат грошай гэта не прыносіла, але было даволі часу займацца музыкай – удосыць слухаць, трошкі міксіць ды трошкі пісаць сваё. Яны, безумоўна, не галадалі бо жылі з бацькамі, але і на шыі сядзець у іх не збіраліся – браліся за любую халтуру. Вось і ўчора дырэктар Палаца прапанаваў ім правесці нейкае важнае мерапрыемства ў кінатэатры «Кіеў». Хлопцы вельмі ўзрадаваліся бо ведалі, што там павінна адбыцца сустрэча са Святланай Ціханоўскай. Дырэктар не ўдакладніў, што будзе за мерапрыемства, але сказаў, што пасля афіцыйнай часткі адбудзецца дыскатэка і што менавіта дзеля гэтага іх туды і запрасілі. У выніку хлопцы ўспрынялі гэта, як шанец убачыць Святлану і яшчэ паспрабаваць сваю музыку, так сказаць, абкатаць праграму, каб потым на якой-небудзь платнай вечарынцы яе паставіць.
Кірыл выйшаў з кватэры, выклікаў ліфт, а потым пазваніў у кватэру Улада. Дзверы адчыніліся амаль што імгненна, бо ён ужо надзяваў абутак.
– Здароў. Я ўжо гатовы, – сказаў Кірыл.
– Вітаю. Ты флэшку не запамятаваў? – запытаўся Улад.
– Ты што? Як я мог, – сказаў Кірыл і паказаў звязак ключоў, на якім боўталася флэшка.
Ліфт прыехаў, дзверы адчыніліся. У кабіне стаяў Сцяпан. Сур'ёзны хлопец, значна старэйшы за Кірыла і Улада. Яны не сябравалі, але ведалі адзін аднаго – так, па-суседску.
– Здароў, хлопцы, – cказаў Сцяпан.
– Здароў, – у адзін голас адказалі яны.
– Уніз? – запытаў Кірыл.
– Так, – галавой кіўнуў Сцяпан.
Улад націснуў на першы, дзверы зачыніліся. Ліфт загудзеў і паехаў уніз.
Хлопцы ехалі ў цішыні, амаль што хвіліну «тупіўшы» ў тэлефонах. Ці можна сказаць, што не «тупілі», а толькі рабілі выгляд. На самой справе яны ўважліва чыталі, што адбылося за апошнія гадзіны ў краіне праз тэлеграм каналы. Толькі на выхадзе з пад'езда яны кінулі адзін аднаму:
– Добрага дня.
– Бывай.
Кірыл і Улад пайшлі на прыпынак тралейбуса, не вельмі гучна абмяркоўваючы апошнія падзеі. А здарылася наступнае: напісалі, што сустрэчу Ціханоўскай з выбаршчыкамі, якая павінна была адбыцца каля кінатэатра «Кіеў», адмянілі без якіх нібыта сур'ёзных прычын. А замест гэтага на той жа пляцоўцы адбудзецца нейкае «культурнае» мерапрыемства, арганізаванае адміністрацыяй раёна.
Настрой у хлопцаў змяніўся цi, мякка кажучы, пагоршыўся. Калі яны згаджаліся на свой удзел, яны і думаць не маглі, што давядзецца прымаць удзел у такой вось ракіроўцы.
– Пайшлі пешкі да Бульвара Шаўчэнкі, а там – на тралейбусе, – прапанаваў Улад.
– Давай, толькі ў мяне талонаў няма, – адказаў Кірыл.
– Дык мы – «зайцамі», нам жа пару прыпынкаў ехаць, – з ухмылкай сказаў Улад.
Кірыл задумаўся. Успомніў, як ён ужо выскокваў з аўтобуса і ўцякаў ад кантралёраў, як яго амаль што не злавілі і, ўцякаючы, ён парваў цішотку. Ведаеце, такая футбольная цішотка «белыя крылы». Яму тады хацелася верыць, што менавіта гэтыя крылы і дапамаглі яму ўцячы. Але гэта было даўно, няма ўжо той цішоткі, ды і футбол для яго ўжо быў не такі цікавы. Тое, што адбывалася гэтым летам навокал, было значна больш цікавейшым, больш важным.
Хлопцы ішлі ў цішы, пагрузіўшыся ў свае думкі. Раптам Улад сказаў:
– Не, гэта падстава. Як мы ўвогуле пагадзіліся на гэта. Менавіта зараз, калі мы даведаліся, што гэта мерапрыемства арганізавалі замест сустрэчы з Ціханоўскай.
– Ну так, – прамычэў Кірыл, усё яшчэ знаходзячыся ў сваіх думках, лятаючы на «белых крылах».
– Так, так. Што рабіць будзем?
– Як заўжды, па абставінах. З гэтымі «пінжакамі» ніколі не ведаеш, што адбудзецца, можа, і ўвогуле усё адменяць, – сказаў Кірыл, прыходзячы ў сябе.
Хлопцы дайшлі да прыпынку тралейбуса. Бульвар Шаўчэнкі летам – гэта сапраўдны гарадскі рай: высокія дрэвы, шмат зеляніны, старыя дамы. Пачуццё такое, што быццам апынуўся ў дзяцінстве. За дваццаць ці нават трыццаць гадоў тут амаль што нічога не змянілася. Нават тралейбус, які прыехаў да прыпынку, быў іх аднагодкам.
Улад зайшоў першы і, агледзеўшы тралейбус, даў знак Кірылу, каб той заходзіў:
– Sector clear.
Ехаць было два прыпынкі, і хлопцы вырашылі сесці. Адразу, як толькі дзверы зачыніліся, яны пачулі ззаду ад сабе:
– Аплачваем праезд. Вашыя квіткі.
Хлопцы азірнуліся і ўбачылі тую самую кандуктарку, ад якой уцякалі ў мінулы раз.
– Ну што? Па абставінах? – з сарказмам сказаў Улад словамі Кірыла.
Не было ўжо «белых крылаў», бегчы было няма куды, бо ехаць да прыпынку яшчэ хвіліну, калі на светлафоры тралейбус не спыніцца. А галоўнае – з сабой не было грошай. Таму перспектыва – апынуцца замест мерапрыемства ў апорным пункце.
– Можа гэта і добра. Лепш у апорке, чым ганьбіцца каля кінатэатра «Кіеў» з гэтымі «пінжакамі», – сказаў Улад.
Відредаговано: 24.06.2026