Апошні алгарытм

Райскае месца

Над галавой раскінулася бяздоннае блакітнае неба, дзе амаль у самым зеніце пякло асляпляльнае сонца. У гарачым паветры калыхалася перыстае лісце какосавых пальмаў. Ва ўсе бакі мяккім дываном рассцілаўся беласнежны пясок. І лазурная гладзь лагуны. Празрыстая, як шкло, ля самага берага. Далей яна адлівала яркай бірузой, а потым, бліжэй да сярэдзіны, набывала насычаную сінь. У глыбіне цямнелі смаргадавыя плямы і палосы.

За лагунай, недзе за мілю, пралягла белая лінія прыбою. А за прыбоем каціў хвалі цёмна-сіні акіян, зліваючыся недзе ўдалечыні з небасхілам.

Я ішоў, як зачараваны… Пад нагамі скрыпеў гарачы каралавы пясок, пакрыты пярэстымі ценямі. Здалёку даносіўся глухі рокат прыбою. Пяшчотны брыз абдымаў разгарачаны твар і прыгладжваў растрапаныя валасы. Апошнія метры пальмы саступілі голай паласе, дзе бязлітасна жалілі прамыя прамяні, але я гэтага не заўважаў.

У гэтыя хвіліны я прабачыў Траўню ўсе ягоныя жарты. І быў гатовы дараваць усё загадзя, толькі б не прачнуцца ад гэтага дзіўнага сну.

Не адразу зразумеў, што стаю ў прахалоднай вадзе, намачыўшы штаніны. Сцягнуў цесныя джынсы і сарваў кашулю, адкінуў гэты цяжар цывілізацыі, як брыдоту. Яшчэ колькі метраў прайшоўся да глыбіні. Нырнуў – і паляцеў, нібы ў паветры.

Неверагодна празрыстая вада!

На дне відаць кожную рыбінку, кожную пясчынку, быццам і не існавала тоўшчы вады. Цёмныя плямы ператварыліся ў яскравыя каралавыя сады: крэмавыя, малочна-белыя, бледна-ружовыя, ліловыя, жоўта-бурыя. Гэтыя барвы, быццам падсвечаныя знутры, здаваліся нерэальнымі. На большай глыбіні колеры пераходзілі ў бура-зялёныя і сіне-шэрыя тоны.

Каралы раслі шчыльнымі зараснікамі, галінаваліся ці падымаліся асобнымі купаламі. Сярод гэтага падводнага лесу парылі, лёталі, круціліся, мітусіліся ці паважна кудысьці дэфілявалі жыхары ўсіх колераў і характараў. Матылі, папугі, ластачкі, вожыкі, лісы, сабакі, ільвы, мандарынкі, нават клоўны і хірургі. Было месца і музыкам: трубачам і флейтыстам. Сустракаліся і больш важныя асобы – кардыналы і напалеоны. На любы густ. Толькі трэба спераду праз злучок дадаваць «рыба-». Будзе амаль тое самае, што ў нас наверсе, толькі з куды большай разнастайнасцю.

Далей ад берага пальмы больш не засланялі агляду – адкрыўся краявід на гару. Яна ўпіралася ў неба няроўным конусам з яго пагоркамі, выступамі, глыбокімі лагчынамі і расшчэлінамі. Вышчарбленая вяршыня нібыта грабянём вычэсвала блакіт небасхілу, затрымліваючы белую смугу. Заходні бок падымаўся больш паката, а ўсходні абрываўся чырванавата-бурымі сценамі. Крутыя схілы да самай вяршыні пакрываў непралазны трапічны гушчар, толькі месцамі з-пад шчыльнай зялёнай коўдры выглядала голая скала, дзе ўжо ніяк было не зачапіцца за стромкі базальт.

Я не заўважыў, як забраўся далёка. Дзякуй бацьку – не шкадаваў грошай на басейн. На новы смартфон мог паскупіцца, казаў, што і з пабітым экранам усё добра бачна, а расколіны толькі абараняюць ад крадзяжу, а вось на месячны абанемент – ніколі не шкадаваў. Хадзілі разам, каб за вечар адмахаць тры ці чатыры сотні метраў на асобнай дарожцы. На гэтых дарожках да мяне і дайшло, што топіць чалавека не вада, а яго ж уласны жах. Цяпер адлегласць на вадзе для мяне вымяралася не метрамі, а хвілінамі.

Травень сядзеў пад пальмай. Пасля нашага гарадскога чаду ён чамусьці не спяшаўся купацца. Мабыць, хацеў, каб гэты бруд на ім яшчэ трохі пратрымаўся. Затое Лабрык залез у ваду, але круціўся на адмеліне, побач са сваім новым сябрам. Гэта выглядала падазрона. Двое быццам змовіліся, нібы нешта ведалі…

Успомніўся раптам адзін фільм, таксама з трапічным востравам і прыгожай лагунай: пакуль адзін паміраў ад гангрэны, астатнія забаўляліся і цешыліся жыццём, нібы нічога не здарылася. Я ірвануў штосілы назад да берага – дзякуючы тым жа трэніроўкам дабраўся хутка. Мяне сустрэў шчаслівы рэтрывер.

– Слухай, акулы ў вас тут водзяцца? – спытаў я, аддыхаўшыся.

– Пра акул не турбуйся – іх даўно людажэры з’елі, – бесклапотна адмахнуўся Травень.

Я агледзеўся. Лагуна прасцерлася кіламетраў на дзесяць. На ўсходзе і на захадзе ў акіян выступалі скалістыя мысы, замыкаючы заліў ля далёкіх рыфаў. Мы знаходзіліся недзе пасярод гэтага тонкага паўмесяца. За светла-шэрымі стваламі віднелася адзінокая бамбукавая хіжына. Каля гэтага куратніка былі ўкапаны ў зямлю знаёмыя мармуровыя кругі з адтулінамі ў цэнтры, ад метра да двух у дыяметры. Самы вялікі дасягаў метраў трох. Адзін з гэтых круглякоў таксама прыстасавалі пад стол. Ды яшчэ гамак, нацягнуты паміж двума стваламі. Непадалёку збягаў у мора неглыбокі ручаёк – толькі ступні намачыць. Далей па беразе, колькі ні ўзіраўся, адныя пальмы і пясок. Да самых мысаў нікога і нічога, аніякіх прыкмет цывілізацыі.

Па твары гэтага правадыра не зразумееш: жартуе ён ці гаворыць сур’ёзна? У ягоным свеце цяпер чакай што заўгодна. Не ведаеш, чаму верыць. Толькі цяпер я прыкмеціў, што ў ягоных руках доўгае мачэтэ, а каля ног валяюцца пажаўцелыя какосы.

– Нешта не відаць тваіх людажэраў. – Я сеў побач, у цень.

– Прыпасы скончыліся, цяпер шастаюць недзе па суседніх астравах. – Травень спрытна абсек арэх і працягнуў мне. Па руках сцякаў сок, а ўнутры бялела мякаць.

Я не стаў удакладняць, што хавалася пад «прыпасамі». Відавочна, не какосы, якіх навакол была процьма. Мяне ахапіў ціхі спакой, не хацелася забіваць галаву нечым дурным. Пацягваў сок і назіраў, як у празрыстай глыбіні лунаў скат. Нібыта кінулі ў ваду двухметровае пакрывала з цёмным верхам і белым нізам, а яно ажыло і цяпер, грацыёзна ўздымаючы і апускаючы куты-крылы, плыло над пясчаным дном.




Поскаржитись




Використання файлів Cookie
З метою забезпечення кращого досвіду користувача, ми збираємо та використовуємо файли cookie. Продовжуючи переглядати наш сайт, ви погоджуєтеся на збір і використання файлів cookie.
Детальніше