Следам праціснуўся Лабрык, які падпісваўся на любыя авантуры, акрамя галадоўкі. Нават не азірнуўся.
Я зазірнуў у праход – з таго боку было цямней, чым у маім пакоі, але бачна, што там зусім іншая прастора. Што там? Звалюся ў трусіную нару, дзе назаўсёды згублю свае сапраўдныя памеры? Не здзіўлюся, калі Льюіс Кэрал ведаў нешта большае… З’явілася зялёная купіна і занепакоены твар гаспадара гэтай купіны.
– Ты што там капэшкаешся? Хочаш застацца?
Вось гэтага мне дакладна не трэба! Я рашуча палез следам.
Лаз і без таго быў вузкі, шырынёй з локаць, а тут давялося яшчэ праціскацца побач з канатам-правадніком. Прызнаюся, набраўся страху. Травень, хоць і вышэйшы за мяне, праслізнуў вужом, ды і, відаць, меў віртуозны досвед пераадолення незразумелых парталаў. А я вось лез, як мядзведзь у барсучую нару – ледзь уціснуўся. Учапіўся рукамі за няроўны край і намагаўся праштурхнуць сваё добра адгадаванае цела. Я не з таўстуноў, але зараз пірожныя ды іншыя прысмакі зусім не стасаваліся з дзікім турызмам. Цікава, як скора пачнецца працэс аднаўлення нашых памераў? Што будзе, калі прама зараз? Тады што, кожнаму сусвету дастанецца па палове Стасіка? А як там ізалятар? Мяне ахапіў прыступ клаўстрафобіі – металічныя масы раптам пачалі сціскаць з усіх бакоў, і гэта не абяцала нічога добрага…
Я аж віскнуў – і штосілы ірвануўся наперад. З таго боку Травень схапіў мяне пад пахі, упёрся нагамі і выдзер, як дзед з бабай тую казачную рэпку. Пляснуўся, нібы мех з бульбай.
Замест таго каб зрабіць пафасны крок у невядомы свет, ды яшчэ прамовіць нешта гістарычнае, накшталт Ніла Армстранга, я мусіў прыводзіць да ладу ссунутыя штаны. Гістарычных думак хапала, і даволі яскравых, але наўарад ці для паліц вялікіх цытат. Толькі потым я дазволіў сабе агледзецца.
І без таго неімаверны ангар раздаўся ўшыркі – адна сцяна адсунулася недзе за кіламетр і танула ў залацістай смузе. Замест звыклых сцен ад падлогі да столі падымаліся жоўтыя вежы-хмарачосы. Яны адлівалі воскавым бляскам і былі раўнамерна падзеленыя вузламі-каленамі на ярусы. Кожны з ярусаў перавышаў памеры дзесяціпавярховага дома. Праз шырокія прасветы паміж вежамі лілося сонечнае святло, якое стварала глыбокае бурштынавае ззянне. Столь выгнулася і ўзнялася конусам, дзе пад самым верхам хавалася мяккая паўцемра. На недасяжнай вышыні вырысоўвалася перапляценне складаных канструкцый, якія рабрыстымі веерамі спускаліся да сцен.
Мы апынуліся на неабсяжнай круглай плошчы, памерам, мабыць, з Цяньаньмэнь. Светлую каменную раўніну паўсюль пакрывалі ружовыя разводы і пранізвалі цёмныя жылы. Пасярод яе зяяла шырачэзнае жарало шахты – праз яго са свістам праляцеў бы «Боінг», не зачапіўшы крыламі сцен. На супрацьлеглым краі плошчы ўзгрувасціўся выцягнуты пагорак: ягоныя зялёныя, быццам абцягнутыя скурай круглыя бакі плаўна пераходзілі ў вузкае падножжа. Ён толькі цудам трымаўся на невялікай апоры. У вертыкальна зрэзаным схіле віднеліся пласты шчыльна пераплеценых карычневых канатаў. У зрэзе белым мармурам адкрывалася глыбокая пячора. Пагорак нагадваў аэрастат братоў Мангальф’е, які прылёг адпачыць, ды так і не здуўся.
Непадалёку высілася прыземістая масіўная вежа з шырокай асновай і грыбападобным дахам. Да яе ад праходу ў сталёвай калоне вёў канат-праваднік. Абвіваючы вежу акуратнымі, шчыльна ўкладзенымі віткамі, ён забіраўся амаль пад самы дах.
Сям-там валяліся порыстыя брудна-шэрыя глыбы. Многія з іх былі ахутаныя белымі накідкамі з лёгкага шоўку, а некаторыя і зусім патанулі ў чорным гушчары іншапланетных джунгляў. Расліны падымаліся высока над галавой на тонкіх шнурах-гіфах – на верхавінах калыхаліся чорныя галоўкі памерам з буйнае яблыка. Ад гэтых фантастычных зараснікаў ішоў цяжкі, задушлівы, сыры водар зямлі і гніення. Побач разлілося цэлае возера чагосьці густога і ліпкага, ад яго таксама моцна цягнула, толькі не зямлёй, а чымсьці кіслым, што даўно забрадзіла, быццам узарваўся алкагольны завод. Далей па беразе віднеліся танканогія рудыя карчы, якія зліваліся з сонечным святлом і ружовай паверхняй раўніны.
Значна пагарачэла. Паветра стала вільготным, навалілася парнота. І моцны вецер – урываўся жорсткімі шкваламі паміж каленчатымі вежамі-хмарачосамі, так што валіў з ног. Першы ж шквал штурхнуў мяне проста ў падступнае возера. Шчыра кажучы, закінуў бы і цалкам, каб не паспеў схапіцца за Траўня. Але не пашанцавала новай красоўцы: трапіў адной нагой у глейкую твань. Яна трымала лепш за свежы бітум, у які мы з Колькай калісьці ўлезлі на будоўлі – тады нам абодвум давялося развітацца з чаравікамі.
Гэтым разам я не хацеў развітвацца. Фірмовая красоўка, відаць, была са мной згодная – упарта трымалася за шчыкалатку. Пасля некалькіх спроб я ірвануў штосілы – і яна засталася ў пастцы.
Майму праводцу таксама не падабалася гэтае кіслае возера – ён раз-пораз кідаў касыя позіркі на рудыя карчы.
– Ідзём, тут лепш не свяціцца, – пацягнуў ён мяне. – Потым забярэш, ды тут яны табе і не спатрэбяцца.
Інтанацыя была трывожная, таму я кінуў ратаваць новенькі «Найк» і, пакульгваючы, падаўся следам. Паветра ў гэтым свеце не стала радзейшае, таму мы зноў прарываліся скрозь нябачнае жэле, ледзь перастаўляючы ногі. Нават энергічны Лабрык і той сцішыў імпэт.
Праходзячы паўз смярдзючыя зараснікі, я штурхнуў ацалелай красоўкай танюсенькую, не таўсцейшую за мой мізінец, ножку невядомай расліны. Гіф лёгка падаўся, як гумавы, – і зверху дажджом пасыпаліся чорныя крупінкі. Я адскочыў, уцягнуўшы галаву. Яшчэ не хапала, каб споры прараслі проста на мне!