Апошні алгарытм

Вялікае ў малым

– Што ў вас тут за душагубка?! – Травень махаў рукамі, каб разагнаць нябачнае воблака чаду. – У нас няма такога паскудства!

– У вас – гэта дзе? – спытаў я ўжо другі раз.

І адвярнуўся, каб адабраць у Лабрыка рэшткі падарунка, але краем вока сачыў за дзіваком – той зноў прытуліўся да акна. Не вельмі яму карціла ва ўсім прызнавацца. Я скінуў куртку: у цёплым пакоі стала горача. Прысеў на ложак, паказытаў ката за вухам і працягнуў дазнанне сваім метадам:

– Ты дзверы забыўся зачыніць, а мы сочым, каб Маркіз не выскачыў… Табе суседка адчыніла?

Травень толькі пасміхнуўся.

– Бярэш на дурня? Мой Дзічок і той хітрэйшы…

– Хай і хітрэйшы, але вокны не выломліваю, як ты.

Ён па-сяброўску пляснуў па плячы.

– Клопат вялікі, з тваім вакном. Паглядзі яшчэ раз на шафу, што ты бачыш?

Я пакасіўся на шафу – там усё гэтак жа туліўся ў адзіноце стары куфэрак і тырчала побач іголка. Бабулі не стала год таму, тады мы і забралі гэты рарытэт. Невялікі, але цяжкі, быццам набіты цаглінамі. Я перабраў небагаты скарб адразу, як толькі гэтая абабітая латунёвымі палоскамі скрыня пасялілася на шафе. Нічога ў ёй цікавага не знайшлося: пажаўцелыя ад часу чорна-белыя фатаграфіі, пачак лістоў у старых канвертах, таксама пабляклых, люстэркі, грабеньчыкі і шпількі з класічнага жаночага арсенала, каралі ды сярэбраная касэтка.

Касэтка, здаецца, і была найцікавейшай рэччу. Пачарнелая ад часу, яна была аздоблена тонкай гравіроўкай з раслінным арнаментам. Толькі на кутах, дзе вечка зацерлі рукамі, праступаў цьмяны, халодны бляск. Я нават затаіў дыханне ў надзеі, што, адчыніўшы яе, убачу якую-небудзь сямейную рэліквію – пярсцёнак з чырвоным каменем, залатыя завушніцы ці хаця б медальён. Але ўнутры ляжала тая самая іголка, загорнутая ў прамасленую паперу. Доўгая, адпаліраваная да люстранога бляску, з залацістым шырокім вушкам, у якое толькі сляпы не трапіць ніткай. Старадаўняя, мабыць, дзявятнаццатага стагоддзя. Не ўяўляю, як гэтым увогуле можна было шыць.

Кажуць, дзедаўскія рэчы куды трывалейшыя за сучасныя, асабліва кітайскія. Простыя, але такія, што перажывуць само чалавецтва. Пазаўчора я паспрабаваў праверыць гэтае сцвярджэнне: як мага глыбей загнаў гэтую іголку ў дрэва. Дошку наскрозь не прабіла, але вытрымала! Так і пакінуў у шафе да наступных эксперыментаў.

Я нават залез на стул, каб разгледзець кожную драпіну, але як ні ўзіраўся, нічога новага там не знайшоў.

– А што трэба ўбачыць? – здаўся я, скочыўшы на падлогу.

Травень на галаву вышэйшы за мяне, а зялёным снапом на макаўцы дык і зусім чапляўся за люстру. Яму гэты стул – як сабаку пятая нага. Ён зрабіў крок да шафы, выхапіў іголку і працягнуў мне.

– Паглядзі ўважліва.

Прызнаюся, колькі я ні круціў іголку перад носам, нічога незвычайнага не выявіў. Ці то зрок у мяне пагоршаў, ці то не пад тым кутом гляджу. Хіба што з’явіўся доўгі волас, мабыць, конскі, які звісаў з вушка.

– Яна чароўная?

– Ага, чароўная.

– Трэба прамовіць які-небудзь заклён?

– Ага, трэба. – Погляд госця стаў загадкавым.

– І што будзе? Адчыніцца партал у твой сусвет?

– Нешта будзе… калі прамовіць: «У янруд і інвеп ыцйя цусян».

– На кітайскую мову падобна!

– Гэта не ваша кітайская. Толькі асцярожна, пакуль не вымаўляй гэта выразна.

Я некалькі разоў пад нос паўтарыў магічныя словы, пакуль яны добра не зачапіліся ў памяці. Не цярпелася хутчэй глянуць на той бок, дзе ў людзей замест валасоў – трава, і няма смуроду, як у нас… Ды на безгаловага Сіва-Мудра хоць адным вокам зірнуць. Нават калі мне забароняць – выскачу за дзверы і проста там, на лесвіцы, паспрабую адкрыць партал. Вочы ў мяне гарэлі, а голас дрыжаў. Хваляванне перадалося і звычайна непарушнаму Маркізу – той сеў на падушцы і прыжмурыў зялёныя вочы. Усім выглядам ён не ўхваляў гэтага акультызму. Затое Лабрык падбадзёрваў, скакаў вакол і соваў пысу: ну, чаго марудзіш?

Я набраў у грудзі паветра і гучна, як мага выразней, прамовіў: «У янруд і інвеп ыцйя цусян»! – і махнуў рарытэтнай іголкай так, што ледзь не скінуў манітор.

Нічога не здарылася. Шафа ля сцяны, мой пісьмовы стол ля акна, заціснуты ў кут камп’ютарны стол ды ложак з катом – як стаялі, так і засталіся стаяць. Сярод усяго гэтага гарцаваў шчаслівы рэтрывер.

Травень вытарашчыў вочы.

– Хто так робіць?! Што табе гарыць?

– Што не так?

– Не ў той бок махаеш! Ды на адной назе трэба стаяць!

Я паслухмяна стаў на адну нагу і махнуў у другі бок.

– У янруд і інвеп ыцйя цусян!

Здаецца, зноў нешта не тое, бо паветра ў пакоі нават не скалыхнулася.

– На правай трэба стаяць! На самыя дыбачкі станавіся, каб дотык да зямлі быў найменшы! Ды не расцягвай так словы, бо губляецца сувязь у хвалевым ланцужку!

Правая нага на дыбачках таксама не дапамагла, як і хутчэйшы тэмп слоў.

– З меншай амплітудай, не рві ты хвалевы ланцужок! Менш размаху! З кім ты там біцца сабраўся?




Поскаржитись




Використання файлів Cookie
З метою забезпечення кращого досвіду користувача, ми збираємо та використовуємо файли cookie. Продовжуючи переглядати наш сайт, ви погоджуєтеся на збір і використання файлів cookie.
Детальніше