Апошні алгарытм

Знаёмства

На маім ложку бестурботна расцянуўся на ўвесь рост цыбаты юнак. Высокі, худы, як жэрдка, і загарэлы дачарна. Доўгія рукі і ногі, здавалася, жылі асобным жыццём – ні хвіліны не мелі спакою. Хлопец нагадваў багамола, якога незнарок занясло ветрам з вуліцы. У зношанай ільняной кашулі. У драных, падпярэзаных вяроўкай нагавіцах, на якіх латак было больш, чым кратараў на Месяцы.

Ложка яму не хапала, таму незнаёмец проста закінуў непамерныя ногі на камп’ютарны стол. Босыя,  закарэлыя ад зямлі ступні ўжо змахнулі на падлогу клавіятуру. Здавалася, яшчэ трохі – і следам паляціць дарагі РК-манітор, разам з новымі калонкамі.

Нязваны госць бесклапотна ўплятаў маміныя цукеркі. З разложыстай, як мой пісьмовы стол, каробкі з залатым цісненнем – той самай, што тата ўчора ўрачыста падарыў маме на дзень народжання. У ёй, як салдацікі на пляцы, роўнымі шарэнгамі пастроіліся пірамідкі з рознымі начынкамі, гатовыя ваяваць за добры настрой увесь тыдзень, калі не два. Мы з бацькам вырашылі: падарунак – толькі маме, таму ў гэтую прыгажосць руку не запускалі. Цяпер гэтыя шакаладныя салдацікі ў залатых мундзірах з жахлівай хуткасцю гінулі адзін за адным: ад цэлай роты засталіся лічаныя адзінкі. Залацістае вечка валялася недзе пад лапамі Лабрыка, туды ж ляцелі і бліскучыя абгорткі. Блакітныя вочы юнака весела смяяліся, быццам гэты падарунак чакаў толькі яго.

На жываце юнака скруціўся Маркіз. Жмурыўся, муркацеў нешта ва сне, незваротна страціўшы ўвесь свой арыстакратычны гонар услед за Лабрыкам. Наш руды, лахматы, незалежны ад усіх цэнтр Сусвету. Каму пястун, які ўмеў прылашчыцца, а каму – люты вораг. На нашых квадратных метрах ён цярпеў толькі маму, тату, мяне і крыху Лабрыка, калі той трымаў дыстанцыю. З усімі астатнімі ў яго стасункі ніколі не складваліся. Пра гэта сведчылі і пракушаны палец дзядзькі Валодзі, і разадраныя ногі цёткі Вольгі, і вуха майго найлепшага сябра Колькі, куды Маркіз па-майстэрску запусціў кіпцюры. Усіх яго ахвяр не пералічыш! Таму і Маркіз – недатыкальная асоба. А тут, на табе – муркае соладка на пузе незнаёмца, якога сустрэў першы раз у жыцці!

Але здзівіла не нахабства, і не здрада нашых гадаванцаў, а шавялюра, калі гэта можна было назваць шавялюрай.

Замест звычайных валасоў – трава! Расла проста са скуры! Ды не тая дробная брыдота, што на дэкаратыўных газонах, яшчэ і абскубленная дворнікамі пад корань. А сапраўдная прыгажосць – высокая палявая трава, што вымахала да каленяў! Па-веснавому свежая, ярка-зялёная, налітая сокамі, поўная жыцця. Не тарчала венікам ці дрэнна складзеным стогам, а падымалася роўным, травінка ў травінку, прыгожым снапом. Бачна было кожную сцяблінку, і ўсе яны шчыльна трымаліся адна за адну. Не здзіўлюся, калі з яе палезуць розныя жучкі ды пачнуць распаўзацца па ўсім ложку.

Ад гэтай дзіўнай прычоскі і патыхала густым, ап’яняльным водарам, які запоўніў усю кватэру. Яму і праўда не пажадаеш мыць галаву часта. Лепш ні разу, каб аніводзін шампунь не пакінуў сваіх слядоў. Людзі па гэты пах імкнуцца выбрацца далей за горад, а тут на табе – сам прыйшоў!

Я не заўважыў, што стаю як дурань, утаропіўшыся ў гэтую купіну. У сталіцы цяжка кагосьці ўразіць сваім незвычайным выглядам, асабліва на Нямізе. Як ты ні выдумляй, як ні стрыжыся, як ні фарбуйся – хоць вогненным іракезам, хоць зебрай, хоць зялёным слоікам – не здзівіш. Хіба што слізгануць поглядам і пойдуць далей. А гэтаму і старацца не трэба – мільёны праглядаў за адзін ролік! Гарантавана!

– Чаго вылупіўся? – цукеркаед адправіў шакаладную пірамідку ў рот, летуценна закаціў вочы, потым пакасіўся на мяне. – Нешта не тое?

Я толькі ціха апусціўся на крэсла.

– Не тое, – пагадзіўся я, не зводзячы вачэй з травы, якая шавялілася, як жывая, у такт ягоным рухам. – Спаліўся. Заўтра разведка ўсё данясе, дастанецца па поўнай.

– Добра дастанецца?

Я нарэшце змог перавесці позірк на манітор, якому па-ранейшаму пагражалі закарэлыя ногі. Кіўнуў на матавую паверхню.

– Гэтае шчасце ў мяне забяруць, на тыдзень, давядзецца зноў «Цусіму» чытаць.

– Што за Цусіма?

– Ты яе і за год не адолееш.

Я не стаў тлумачыць, што «Цусіма» ад таварышча Носікава – гэта яшчэ кветачкі, бо ў бацькі на паліцах стаяла і больш цяжкая артылерыя, якую не вытрымае здаровы розум. Карла Маркса або Салжаніцына паспрабаваць не хочаце? А Оруэла на дэсерт не падаць? Як кажуць, на бязрыб’і і рак рыба, а на бескамп’ютарстве – і «Цусіма» піражок.

Чарговая цукерка паляцела ў бяздонны рот гаспадара купіны. Відаць, ягонае травяное багацце лепш расце на шакаладзе.

– Клопат вялікі! – махнуў ён рукой. – Насцягваў усякага барахла, было б за што турбавацца…

– Барахло?! -  я аж падскочыў на месцы. – Ды каб ты бачыў, колькі грошай аддалі за гэтае барахло!!! Ты хоць ведаеш, што гэта такое?

Дзівак быццам і не чуў мяне.

– Вось у нас быў клопат, калі Сіва-Мудр галаву згубіў – мы два дні шукалі! – Ён замахаў рукамі, раптам успомніўшы сапраўды нешта кранальнае. – Да нас Лаўрус Ⅵ з Элірыі прыбыў са світай, дамаўляцца аб раўнавазе, а мы галаву шукаем. Сіва-Мудр яе заўсёды губляе, ён гэта ўмее. Яго Вялікасці дураць галаву: і на Маяк завядуць, і на Кальдэры, на дзедаву рыбу, а мы ў гэты час – шукаем! Усім востравам, паўсюды, куды Дзічок і лыча не сунуў, а яна проста пад ложкам валяецца! Усе Сіву падазраюць, што той наўмысна закаціў, а яму што? Яму нічога не зробіш! Не скідваць жа са скалы разам з дарадцам…




Поскаржитись




Використання файлів Cookie
З метою забезпечення кращого досвіду користувача, ми збираємо та використовуємо файли cookie. Продовжуючи переглядати наш сайт, ви погоджуєтеся на збір і використання файлів cookie.
Детальніше