Апошні алгарытм

Нязваны госць

Кажуць, калі вярнуцца дадому намнога раней, можна застаць нечаканага гасця. На кухні ці, хутчэй за ўсё, у зале каля шаф – там, дзе гаспадары звычайна прыхоўваюць каштоўныя рэчы. Дарэчы, вы для яго таксама будзеце нечаканасцю, бо крыху сапсуеце яму задуму. Пасля гэтай яскравай сустрэчы незвычайны госць імкнецца як мага хутчэй пакінуць ваша жытло, магчыма, з-за тэрміновых спраў, якія раптам узніклі дома ці на працы. Шкада, што часцяком вельмі хутка і нічога не патлумачыўшы: ад яго шмат чаго цікавага можна было даведацца. Але не ў маім выпадку.

У той цёплы восеньскі дзень я адправіўся ў «зялёную школу» – так мой бацька называе месца, дзе час не цягнецца і дзе ніхто не стаіць над душой. Прычына была не ў раптоўным жаданні адчуць сябе незалежным ці знайсці нейкі душэўны спакой. Не, уся справа ў страве, якую лепш падаваць халоднай, як казалі французы.

Мае бацькі даўно планавалі ваяж у Гродна – пахадзіць па гістарычных вуліцах, паглядзець на замкі, пасядзець у рэстаранчыках. Адным словам – адпачыць. Як паўнапраўны сямейнік, я таксама бачыў сябе ў гэтай вандроўцы. Ды не ценню старэйшых, а на першым плане. Прадумаў усе маршруты, дзе і як будзем хадзіць. Бегчы наперад паравоза мне ніхто не замінаў, таму далей былі падрыхтаваны шэдэўральныя сцэнарыі: адкуль і як больш яскрава падаць сябе ўсяму свету. Вядома, з Гродна пачнуцца мае першыя крокі па залатым шляху блогера.

Калі выдалася вольная часіна – мае, нарэшце, вырваліся на адзін дзень сярод тыдня. Без мяне. Пакінулі, як малога, пад пільны нагляд Лабрыка. Гэта было, як абухам па галаве.

Мой бізнес-план разваліўся, так і не пачаўшыся. Я прасядзеў увесь вечар, натапарыўшыся, як дзікабраз сярод ваўкоў. Дыпламатыя нічога не дала. Застаўся ваенны адказ, але ніводзін з варыянтаў не падыходзіў: у большай ці меншай ступені ўсе шкодзілі мне самому. Адзін варыянт, нарэшце, быў прыняты. Вы можаце ўспамінаць сваё юнацтва колькі хочаце, аднаўляйце там свае пачуцці, а я – кампенсую гэтую маральную шкоду прагулам.

Бацькі выехалі раней, ціха, намагаючыся не разбудзіць. Дарэмна. Я ўжо ляжаў з расплюшчанымі вачыма. Пасля таго, як ціха шчоўкнуў замок, я скруціў дулю пад коўдрай: устану не раней другога ці трэцяга занятка.

Трэба аддаць Лабрыку належнае – выконваў абавязкі наглядчыка занадта старанна. Ён рабіў усё магчымае, каб стаць маім ворагам назаўсёды. Па-першае – сцягнуў з ложка цёплую коўдру, нават яшчэ да таго, як звычайна падаваў голас мой будзільнік. Давялося цягнуцца на кухню і насыпаць сабачыя прысмакі. Потым лабрадор весела брахаў, апавяшчаючы суседзяў, што нехта застаўся дома. Гэта не той саліст, каб выконваць сваё а капэла ў адзіноце: няма глядачоў – няма і канцэрту. Пра гэта ведала і суседка-пенсіянерка. Калі не ведаеце, то яна ўзяла на сябе абавязкі майго асабістага назіральніка яшчэ з таго часу, як мы сюды пераехалі.

Заставацца было рызыкоўна: пільная баба Надзя ведала мамін нумар. Далей магла загудзець і мая трубка. Гэтакая ланцуговая рэакцыя. Стасік, ты дзе зараз? Што робіш? Камеру не ўключыш? А ну пакажы!.. – Лішнія пытанні мне зараз ні да чаго.

Я з задавальненнем пакінуў рэтрывера, разам з усімі яго здольнасцямі і клопатамі. Хай лепш ахоўвае кватэру. Шчыра кажучы, ахоўнік з яго – хіба толькі для сябе, злодзеям сам можа дапамагчы, каб справа пайшла… Дай толькі палашчыцца! Ён заўсёды з табой у змове, асабліва калі трэба нешта выдурыць з халадзільніка.

Выйшаўшы з дому, я накіраваўся ў Лошыцкі парк. Стары, ціхі, утульны парк, асабліва сярод рабочага дня. З дрэў яшчэ не ўсё лісце апала, таму школа павінна была выдацца калі не зялёнай, то хоць жоўта-аранжавай. Сярод акацый, клёнаў, бяроз і павіслых вербаў. Але ж і надвор’е перайшло на бок бацькоў: неба пачало зацягвацца шэрымі хмарамі, толькі пабачыўшы мой кірунак. А калі нарэшце апынуўся пад покрывам старых алей, пайшоў дробны, брыдкі дождж. Сыпануў зацята, каб нават не сумняваўся. Надзея засталася на альтанку ці крытыя лавы, што размясціліся ўздоўж азярца.

Здаецца, сёння ўвесь свет супраць мяне. Пад плоскі дах альтанкі, што трымаўся на чырвоных калонах, набіліся пенсіянеры, замест таго, каб ціха бадзяцца недзе па сцежках парку. Ім і гэтага было мала – рашуча акупавалі ўсе крытыя лавы. Толькі самую крайнюю захапілі тры тыповыя персанажы: расклаўшы паміж сабой арэшкі, налівалі нешта са схаванай у пакеце бутэлькі. Адзін з іх, круглашчокі, няголены, у пацёртай куртцы, падмігнуў мне:

– Чацвёртым будзеш?

– Ідзі адсюль, – буркнуў другі, цыбаты, бялявы, без пярэдняга зуба, у скуранай кепцы. Сядзеў, закінуўшы нагу на нагу. Ён выразна нацэліў на мяне носік бруднай красоўкі, якая ўжо шмат чаго пабачыла. – Пакуль не дапамаглі.

– Лепш не стой тут, я за гэтага дурня не адказваю, – параіў трэці, мабыць, самы інтэлігентны ў гэтым гурце: у чорным паліто, у акулярах у рагавой аправе з тоўстымі шкельцамі.

– Чуеш, Рэнтген, – уз’еўся бялявы. – Ты за сваімі ілюмінатарамі разгледзець не можаш, хто тут геній!

Няголены загагатаў, як стары гусак, потым зірнуў на мяне і развёў рукамі:

– На жаль, усе квіткі раскупленыя…

Я не з тых, каб упарта, да пераможнага канца, змагацца з даждом.

Куды падацца? Валэндацца па гандлёвых цэнтрах без капейкі ў кішэні – яшчэ тое выпрабаванне. Ды калі і ёсць якія грошы, то без вясёлага сяброўскага гурта марнаваць іх няма ніякай радасці. Хіба што прыцягнуцца на апошнія ўрокі. Так і бачу твар Ніны Іванаўны, нашай класнай кіраўніцы, якая выслухоўвае маю бязглуздую гісторыю пра спазненне: ніводная жылка не здрыганецца. Быў на прыёме ў доктара? Сведкам у паліцыі? З тым жа поспехам можаце агучыць версію пра выкраданне іншапланецянамі ці падзенне метэарыта ў вашым двары.




Поскаржитись




Використання файлів Cookie
З метою забезпечення кращого досвіду користувача, ми збираємо та використовуємо файли cookie. Продовжуючи переглядати наш сайт, ви погоджуєтеся на збір і використання файлів cookie.
Детальніше